ЛІТОЎСКІ ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т,

цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 у Беларусі і Літве, арганізацыйны цэнтр літ.-бел. «чырвоных». Утвораны ў Вільні летам 1862 з Камітэта руху. У Л.п.к. уваходзілі: Л.М.Звяждоўскі (старшыня да кастр. 1862), К.Каліноўскі, А.Банольдзі, Э.І.Вярыга, Б.Ф.Длускі, А.І.Залескі, З.Б.Чаховіч. Пасля ад’езду Звяждоўскага ў Маскву (кастр. 1862) к-т узначаліў Каліноўскі, у яго склад уведзены І.І.Козел з Міншчыны. Прадстаўніком Цэнтр. (Варшаўскага) нац. к-та ў Л.п.к. быў Н.Дзюлеран. Афіц. орган Л.п.к. — газ. «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды»); для сялян Каліноўскі і яго аднадумцы выпускалі газ. «Мужыцкая праўда». За рэв.-дэмакр. праграму ў к-це паслядоўна змагаўся Каліноўскі. Л.п.к. стварыў свае структурныя ячэйкі і арганізацыі ў бел. і літ. губернях і паветах, збіраў грошы і зброю, вёў агітацыю, наладжваў сувязі з рэв. групамі ў арміі. З пачаткам паўстання ў Польшчы 20.1(1.2).1863 абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі.

Г.В.Кісялёў.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)